Get Mystery Box with random crypto!

* * * Колькі год я зязюлі не чую, Колькі год я не бачу бусла, | Суполка беларускіх пісьменнікаў

* * *

Колькі год я зязюлі не чую,
Колькі год я не бачу бусла,
Колькі год у стагах не начую,
Колькі год не трымаў я вясла!

Мне б зязюля гадоў надлічыла,
Бусел мог папярэдзіць пажар,
А раднейшая зорка ручыла
I вясло кіравала ў абшар.

Я сталічнаму ўдзячны дэкору,
Мяне сорам да долу не гнуў,
Ды ніяк не пазбыцца дакору,
Што істотнае нешта мінуў.

Смутак сэрца працяў палынова,
Адчуваю амаль што бяду
За нязбытнасць надзей.
Да нанова
Праз мінулыя страты прайду!

Я не хліпкі зусім, не пахілы,
He магу я ад іншых адстаць
I адкрыю ў сабе небасхілы,
Каб да променя ўсё навярстаць.

Сцяпан Гаўрусёў

#вершдня