Get Mystery Box with random crypto!

Цікавы запіс Алеся Кіркевіча ў палеміцы з Алесям Краўчэвічам. | Historyja

Цікавы запіс Алеся Кіркевіча ў палеміцы з Алесям Краўчэвічам. Тэма вельмі старая, а менавіта стаўленне да шляхты. Як вядома, расійская і спалучаная лукашэнкаўская (мікс расійскай і савецкай) прапаганда спрабавалі выставіць шляхту як "врага протого народа Белой Руси". Аднак, беларускі пункт гледжання іншы. Алесь Кіркевіч піша:

"...Ніхто са шляхты не робіць святых. Хочаце любіць святых у гісторыі – не будзеце любіць нікога. Шляхта мела багата грахоў, але дакладна не больш за сялянаў, мяшчанаў, мясцовага кліру ўсіх канфесіяў ці тутэйшых жыдкоў. Ніводная з гэтых супольнасцяў ніколі і не думала пра ніякае нацыятварэнне.

Шляхта была такой, якой была. Са сваімі інтарэсамі. Са сваім стылем. Са сваім кодэксам паводзінаў. З разгуляйствам, пыхай, іррацыянальнасцю, гонарам, рашучасцю, авантурызмам. Але гэта і ёсць рысы пасіянарнай супольнасці, якая здольная нешта стварыць. Пакінуць след у гісторыі. Не жыве па інэрцыі. Акурат выхадцы са шляхты стварылі ўсё вартае на нашых землях у дамадэрную эпоху. І не трэба судзіць людзей 16-17 стст. па мерках 20-21 стст. Даруйце, але Януш Радзівіл не меў змогі штудзіраваць Энтані Сміта, Цімаці Снайдэра або Алеся Краўцэвіча.

У Японіі былі самураі, якія ў наступным сталі легендай і брэндам. Але мадэрная Японія паўстала хутчэй насуперак самураям, як “ворагам прагрэсу”. У Германіі было рыцарства і дваранства. Але мадэрная Германія паўстала хутчэй насуперак нашчадкам рыцараў, як “ворагам прагрэсу”. У Амерыцы былі каўбоі з кольтамі ды “банды Ню-Ёрка”. Але мадэрныя ЗША паўсталі хутчэй насуперак каўбоям. Ню-Ёрк – насуперак тым бандам. Але японцы, немцы, амерыканцы ганарацца сваёй гісторыяй. Без самураяў, рыцараў ці каўбояў іх гісторыі не існуе. Дакладней, яна стае нецікавай. А ў шырокім разуменні нецікавая гісторыя не існуе. Бо яна нікога не "вставляет", апроч спецыялістаў-кніжнікаў.

Тое самае са шляхтай. Не чапайце святога. Шляхта – “народжаныя з шабляй” – маюць быць адным з цэнтральных архетыпічных вобразаў нацыі, калі мы ў прынцыпе бачым нацыю ў перспектыве.
Інакш застануцца коласавы блінцы, паламаныя грушкі ды павалены плот. Усё тое, што мы ненавідзелі на ўроках бел-літа. Усё тое, што нават рускія забараняць не будуць. Бо яно не страшнае. І не цікавае".

Акрамя таго ў каментарах пад запісам шмат цікавых каментарў, у якіх звяртаецца ўвагу, што шматлікія прадстаўнікі нашай інтэлігенцыі і іншыя нацыянальныя дзеячы (Каліноўскі, Багушэвіч, Абуховіч, Іваноўскі, Лучына, Уласаў, Купала, Аляхновіч і інш.) - якраз павходзілі са шляхты. А яшчэ звяртаецца ўвага, што даўно пара адыходзіць ад наратыву, нібыта беларусы - гэта толькі лапці, сяло, каса і ўсё.

Крыніца: Алесь Кіркевіч