Get Mystery Box with random crypto!

«Наша Ніва» ад заўтра будзе даступная па адрасе Nashaniva.by | Dynko

«Наша Ніва» ад заўтра будзе даступная па адрасе Nashaniva.by

Сёння ўначы перастаў адчыняцца NN.by. Прычына аказалася ў тым, што ў Рэдакцыі «Нашай Нівы» забралі гэты адрас.

Як так сталася? Беларускі інтэрнэт кантралюецца Аператыўна-аналітычным цэнтрам пры прэзідэнце. Гэта ведамства вызначыла пяць прыватных кампаній, якія займаюцца рэгістрацыяй назваў сайтаў (даменаў). Уласнікі сайтаў павінны штогод аплачваць арэнду, цана — каля 25 (дваццаці пяці) рублёў.

Наш дамен зарэгістраваны ў кампаніі «Адкрыты кантакт», а хостынг і электронная пошта знаходзіліся на серверах другой, «Надзейныя праграмы». Нейкім загадкавым чынам аказалася, што спам-фільтр адправіў чатыры лісты з нагадваннямі ад «Адкрытага кантакта» ў глыбокую сметніцу. Адпаведна, мы не атрымалі рахункаў на аплату 25 (дваццаці пяці) рублёў.
Затое, напрыклад, іншыя мэйлы з таго ж адраса, напрыклад, з праверкай кантактнай інфармацыі, даляцелі некалькі дзён таму без усялякіх перашкод.

Між тым менавіта ад пачатку 2020 года дзяржава зрабіла правілы гульні больш жорсткімі. Калі пратэрмінаваў аплату хаця б на дзень, дамен адразу адбіраюць (раней давалі дадатковы месяц на аплату) і выстаўляюць на аўкцыён.

Як толькі мы даведаліся пра адключэнне NN.BY, уначы а 1:20 мы пабудзілі кіраўніцтва Міністэрства інфармацыі, звязваліся з «Адкрытым кантактам» і «Надзейнымі праграмамі». Увечары сустракаліся з міністрам інфармацыі. Мы таксама ведаем, што наша сітуацыя абмяркоўвалася сілавікамі. Аднак да вечара 25 чэрвеня нічога так і не рашылася.

Рэдакцыя тэрмінова – спадзяёмся, ад заўтра, запусціць новы сайт па запасным адрасе Nashaniva.by. Калі ласка, дадайце яго ў закладкі і праінфармуеце сяброў вусна і ў сацыяльных сетках, дзе цяпер шукаць праўдзівую інфармацыю па-беларуску.

Адрас — гэта ўсяго толькі тэхнічнае найменне. Якой бы прыгожай ні была назва, калі там будзе тупая прапаганда, людзі не будуць яе чытаць. Галоўнае багацце «Нашай Нівы» — аўдыторыя, сотні тысяч патрыятычных беларусаў, якія стаяць за намі.

«Нашу Ніву», зерне беларускасці, хацелі б выціснуць з Беларусі. Але не ўдасца.
З аднаго боку, мы нібы бяссільныя супраць сваволі – і цяпер, і ў будучыні будзем бяссільныя. Але нас не зломіш. Вытрымка -- сіла бяссільных.

Таму мы выстаім перад гэтым і больш моцнымі выпрабаваннямі, падрыхтаванымі для незалежнай прэсы і блогераў на бліжэйшы час.

Пакуль жывыя, будзем працягваць рабіць СМІ на беларускай мове. Не на адной платформе, дык на другой. Жыве Беларусь!

На першым этапе нам будзе патрэбная ваша салідарнасць, каб распаўсюдзіць інфармацыю, дзе зараз чытаць «НН» – Nashaniva.by. Трымаемся разам!