Get Mystery Box with random crypto!

ЯК ЛІКВІДАВАЦЬ НЕБЯСЬПЕКУ Ваенная кампанія Пуціна супраць | КБН

ЯК ЛІКВІДАВАЦЬ НЕБЯСЬПЕКУ

Ваенная кампанія Пуціна супраць Украіны зацягнулася. "Бліцкрыг" ня ўдаўся. Масква зажадала перамоваў. Яны адбудуцца на мяжы Беларусі і Украіны.

І вось тут пачынаецца небясьпечны пэрыяд. Псіхатып шэрага Пуціна збочаны і скасабочаны. Гэта відавочна. Калі амбіцыйную пасрэднасьць з малой душой загнаць у кут, яна можа таго не паражыць і пайсьці на крайнасьць. Гледзячы на паводзіны Пуціна, я не сумняваюся, што ў выключных умовах ён здольны рэалізаваць свае ядзерныя пагрозы, калі "все сдохнут, а рускіе пойдут в рай".

Прадухіліць такі ход падзей трэба хутка. Як мне здаецца, тут прыдатны толькі мэтад, якім схапілі Бін Ладэна. На жаль, Захад, як звычайна, можа спазьніцца, а расейцам і так добра.

Пацьвярджэньнем бандыцкай мэнтальнасьці Масквы можа стаць інфармацыя, якую я толькі што атрымаў. Пуцін хоча ўцягнуць беларускіх вайскоўцаў у вайну з Украінай і дзеля гэтага выслаў у Менск спэцгрупу для кантролю над Лукашэнкам, якая ў выпадку яго "няправільных" паводзінаў павінна яго ліквідаваць.

Не было магчымасьці праверыць інфармацыю. Але ўлічваючы ваенны час і збочаны псіхатып Пуціна -- такое магчыма.

Парадоксы ў палітыцы, аднак, такія, што ліквідацыя сатрапа Лукашэнкі Масквой (якога народ жадае павешаць за ногі) цяпер магла б павярнуцца для Беларусі яшчэ горшым злом, чым працяг яго подлага існаваньня.

У Лукашэнкі рэальна застаўся цяпер толькі адзін паратунак, які я называю выхадам па дыяганалі, і на які Лукашэнка ня здольны. Менавіта. Арыштаваць спэцгрупу маскоўскіх "гасьцей" і разьвярнуць беларускую армію супраць пуцінскіх акупантаў. Тады ёсьць шанс выжыць. Інакш -- вечнае гарэньне ў пекле дай яму, Божа.

Толькі ўвесь жах ў тым, што "сукін сын" пагодзіцца і на напад на Украіну, і на сьмерць салдат, і на зьнішчэньне Беларусі, абы жыць, хоць халуём, хоць падонкам.

27 люты 2022 г. Зянон ПАЗЬНЯК