Get Mystery Box with random crypto!

​​Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго! Сябры, завяршаецца 2021 го | Каталіцкая Беларусь: адраджэнне

​​Хрыстус нарадзіўся!
Славім Яго!

Сябры, завяршаецца 2021 год, і менавіта цяпер мы успамінаем яго падзеі, робім высновы і разумеем, што мусім зрабіць, каб пераадолець той шэраг пытанняў і праблем, што сталі сёлета для нас выпрабаваннямі.

Закончыўся Адвэнт, у перыяд якога мы спазнавалі сваю душу, задавалі сабе пытанні і рыхтаваліся да «сустрэчы з Богам». Скажам сумленна, за гэты год было шмат няпростых момантаў. Неабгрунтаваныя пераследы і арышты рэлігійных дзеячаў, студэнтаў, журналістаў, палітычных актывістаў, ажыццёўленыя рэжымам, само існаванне якога з'яўляецца вельмі сумнеўнай рэччу. Рэжымам, што прынёс нам так шмат расчараванняў і праблем.

Адначасна з тым, мы з гаркатой і гордасцю ўспамінаем тых самаадданых і праведных беларусаў, хто стаў не проста пабочным назіральнікам пакут народа, а патрапіўшы пад напады з боку рэжыму і да самага канца нёс святло адраджэння беларускай нацыі. Нягледзячы на жорсткасць з боку сілавікоў і «ўлады», мы заўсёды імкнуліся трымаць нашы сэрцы адкрытымі для Бога і Любові. Імкнуліся напамінаць самім сабе, што зачыненыя ад усіх сэрцы з'яўляюцца глебай для злосці, глебай для цемры ўсярэдзіне і вакол нас, якая прымушае здзяйсняць грэшныя ўчынкі.

Урачыстасць Божага Нараджэння - гэта самы светлы момант, у якім кожны з нас выказвае надзею на лепшае.

«Народ, які хадзіў у цемры,убачыў святло вялікае;над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло» (Іс. 9,1).

І нават калі гэта святло шмат разоў засланялася, зусім не важна кім, мы прабчалі, а самі працягвалі верыць у адраджэнне Беларусі з Хрыстусам у сэрцы.

Менавіта дзеянне Слова Божага, Божага Света, усяляе ў нашы сэрцы веру, што часы, калі нас імкнуцца прымусіць ісці ўслед за крывавым дыктатарам, вось-вось скончацца і наш беларускі народ адродзіцца. Гэтаму мусяць паспрыяць шэраг фактараў і працэсаў, вынік якіх залежыць ў тым ліку ад кожнага з нас.

Кожны месяц у краіне расце колькасць палітвязняў, пераследаваных журналістаў, святароў і палітычных актывістаў.
А што мы можам? Чаго ад нас чакае Бог?
Гэтыя пытанні мы задаём сабе на працягу доўгага часу.

Адказ заўсёды адзін: мы можам і мусім маліцца за кожнага: і за таго, хто працягвае змагацца за каштоўнасці беларускага народа – за праўду, волю і незалежнасць і за тых, хто пакуль што ахінуты цемрай і неведанням. Мы верым, што галасы праўды, што гучаць з усенькіх вуглікаў краіны, усё ж будуць пачуты.

Спадзяёмся, што пытанне адносна прыезду Пантыфіка пачне адкрыта абмяркоўвацца не толькі сярод аўтараў і чытачоў шэрага тэлеграм-каналаў, а ўсе ж выйдзе на больш афіцыйны ўровень. Хоць мы і выдатна разумеем, што цяперашняе сацыяльна-палітычнае становішча і не адпаведная нашым чаканням колькасць пунктаў судотыку прадстаўнікоў Святога Пасада з епіскапатам Беларускага Касцёла не дазволяць вырашыць гэтую праблему так хутка, як нам хацелася б.

Разглядаючы далейшы вектар развіцця, на наш пагляд, мы павінны працягваць наладжваць кантакты з польскімі, літоўскімі і ўкраінскімі каталікамі. Прытым не толькі на афіцыйным узроўні, але і шляхам узаемадзеяння на узроўні простых вернікаў і святароў. Часткова, такое ўзаемадзеянне рэалізуецца ў Польшчы (дзякуючы ў тым ліку ксёндзу Барку), куды за апошні год з'ехала мноства беларусаў. Таксама добра б дзеяць разам з нашымі праваслаўнымі братамі і сёстрамі, як мінімум у рамках сацыяльных праектаў( канечне улічваючы асаблівасці вектара развіцця БПЦ).

Бо не гледзячы на трагізм супрацьстаянняў, спрэчкі і нязгоды, мы ўсе павінны помніць словы заўчасна пайшоўшага Вітольда Ашурка: Беларус Беларусу Беларус.

Давайце ў гэты светлы час задумаемся над тым, як дапамагчы бедным, узлюбім адзін аднаго і скіруем сілу агульнай праўды і міласэрнасці на ператварэнне дэструктыву ў стварэнне.

Мы верым і пагэтаму пераможам!
Жыве!

Са святам Божага Нараджэння! З Калядамі!