Get Mystery Box with random crypto!

Ксёндз Барок: Ці могуць Цэрквы служыць антыхрысту? У апошнія | Каталіцкая Беларусь: адраджэнне

Ксёндз Барок: Ці могуць Цэрквы служыць антыхрысту?

У апошнія часы, як кажа Біблія, людзі пабачаць шмат розных дзіўных знакаў, якія ў выглядзе гістарычных падзей будуць адбывацца на зямлі.

"Паўстане народ на народ, і каралеўства на каралеўства; будуць вялікія землятрусы, а месцамі голад і мор, і жахлівыя з’явы, і вялікія знакі з неба." (Лк 21,11)

"І будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання" (Лк 21, 25-26)

Ведаючы гэтыя прароцтвы Хрыста, асабіста мяне не здзіўляе тое праяўленне зла, сведкамі якога мы сёння з’яўляемся ў Беларусі і не толькі. Мяне не здзіўляе як фальш называюць праўдай, здраду прынцыпам - служэннем міру, прыстасоўніцтва - клопатам пра дабро іншых, а сваё прымітыўнае раўнадушша да болю бліжняга - высокадухоўным жыццём засяроджаным на незямных справах.

Гэта ўсё ў той ці іншай меры прадказана ў Пісаннях. Мяне здзіўляе іншае. А менавіта тое, як магчыма, каб тыя, каму самім Богам прадвызначана ў грамадстве выконваць ролю маральнага аўтарытэту, не справіліся са сваёй місіяй. Я перакананы, што такая місія ўсцяж ляжыць на Цэрквах.

Безумоўна, я разумею, што Цэрквы - гэта не толькі выключнае пдлюстраванне Бога і праяўленне дзейнасці Хрыста ў свеце; цэрквы гэта таксама людзі, якія найлепш нібы ведаюць навуку Евангелля, але не заўсёды верныя ёй. І таму Хрыстос казаў пра кніжнікаў і фарысеяў, пра тых хто найлепш ведаў Пісанні: "усё, што яны кажуць вам захоўваць, захоўвайце і рабіце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабіце" (Мц 23, 3).

За часоў Ісуса, вучоныя ў Пісанні, хоць самі і былі далёкія выканання наказаў Божых, але навучалі іншых. У нас жа праблема ў тым, што Цэрквы ў Беларусі ў публічнай прасторы з большага маўчаць.

Цэрквы не адказваюць на самыя балючыя праблемы грамадства. Пытанні гучаць, але ў адказ чуць толькі цішыню. Няма яснай акрэсленай пазіцыі ў склаўшайся крызіснай сітуацыі ў краіне.

Тысячы людзей незаконна сядзяць у турмах - цэрквы маўчаць.
Людзей катуюць - цэрквы маўчаць.
Пераследуюць духавенства і зачыняюць некаторыя святыні, як, напрыклад, Царкву Новае Жыццё, за іх сумленную і хрысціянскую пазіцыю - Цэрквы ізноў маўчаць.

Ствараецца новы праект Закону "Аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь», які фактычна дазволіць прымяненне зброі супраць жанчын, людзей з інваліднасьцю і непаўналетніх у любых канфліктных сітуацыях у грамадстве - Цэрквы маўчаць, бо легалізацыя беспакараннага і неабаснаванага забойства ўсіх катэгорый людзей, гэта ж палітыка, а не справа Цэркваў….

Такое маўчанне Цэркваў міжволі нагадвае вобраз антыхрыста, які рычыць нібы звер - пра яго ўзгадвае апостал Ян ў 13 раздзеле Евангелля.

Бо сёння сапраўды чуем, як гучна крычыць зло, і назіраем за разгубленым маўчаннем прапаведнікаў. А за гэтым маўчаннем ідзе ціхае згасанне любві да Праўды Евангелля і бязвінна церпячага чалавека, якога ніхто не заўважае і не бароніць.

І тут нагадаю словы Эмануіла Канта, да якіх прыбегае папа Бенедыкт XVI ў энцыкліцы "Spe salvi" (19)

«А як калі-небудзь хрысціянству наканавана будзе страціць годнасць любові [...], то антыпатыя і агіда да яго стануць пануючым спосабам мыслення і антыхрыст [...] пачне сваё (меркавана, заснаванае на страху і своекарыслівасці) нядоўгае кіраванне».

І вось гэтага я не разумею, як можна, са страху і ўласнай карысці, радасць прапаведвання змяніць на раўнадушша маўчання. Як можна згубіць "годнасць любві"?

Без любві і пачынаецца брудная палітыка цэркваў. Гаворыцца пра праблемы тысячаў мігрантаў у Беларусі і замоўчваецца пра дзесяткі тысяч невінна церпячых за кратамі саміх беларусаў. Прапаведуецца права на існаванне кожнай канфесіі і пакідаецца без утварэння адпаведнай структуры на чале з біскупам грэка-каталіцкая Царква ў Беларусі. Праводзяцца круглыя сталы ў гонар новых выданняў Бібліі і ў той самы час не заўважаюцца масавыя звальненні з працы тысячы людзей па ўсёй Беларусі.

Антыхрыст пацірае рукі і радуецца такім знакам - сімвалічным, прагматычным але без малейшых кропляў любві.