Get Mystery Box with random crypto!

​​Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету У дз | Каталіцкая Беларусь: адраджэнне

​​Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету

У дзень Урачыстасці Езуса Валадара мы хочам успомніць дзве біблейскія цытаты:

Езус сказаў сваім вучням: Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. I сабраныя будуць перад Ім усе народы, і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. І паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету. Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне; быў голы, і вы апранулі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне.

Тады адкажуць Яму справядлівыя: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе? I Валадар скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі. Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным. Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці; прагнуў, і вы не напаілі Мяне; быў падарожным, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не апранулі Мяне; быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне.

Тады і яны адкажуць Яму, кажучы: Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе? Тады скажа ім у адказ: Сапраўды кажу вам: Чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця.
(Мц 25, 31-46)

Браты і сёстры, Хрыстос заўсёды выступаў на боку праўды, на боку справядлівасці. Сёння лепшая магчымасць успомніць пра тых, хто ў гэтай справядлівасці мае патрэбу. А маюць патрэбу, як бы гэта не гучала, і ў тым ліку тыя, хто як аблудная авечка ідзе за хлуслівым пастырам. Давайце яшчэ раз паспрабуем вярнуць тых, хто гатоў гэта зрабіць, ва ўлонне праўды. Тых жа, хто супрацівіцца праўдзе, хай Пан рассудзіць па справядлівасці.

Другая ж цытата:

Пілат спытаўся ў Езуса: «Ты Кароль юдэйскі?» Езус адказаў яму: «Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?» Пілат адказваў: «Ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў?» Езус адказаў: «Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль». Пілат сказаў Яму: «Значыць, Ты Кароль?» Езус адказаў: «Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой». (Ян 18, 33b-37)

Напамінае нам пра тых, хто наследуе Яго. Яны жадаюць любіць і гатовы ахвяраваць сваім жыццём за іншых, і верна сведчыць пра тое, што яны адварочваюцца ад улады насілля і вераць у сілу любові.

Сёння абавязкова трэба ўспомніць тых, хто аддаў жыцці за нашу свабоду, падзякаваць тым, хто здаўшы службовыя пасведчанні і звольніўшыся, адвярнуўся ад улады насілля, і памаліцца за тых, хто знаходзіцца ў зняволенні, але Верыць. Верыць у сілу Любові, сілу Праўды і Справядлівасці.