Get Mystery Box with random crypto!

​​Успамін св. Марыі Гарэцці, панны і мучаніцы Марыя Тэрэза Г | Каталіцкая Беларусь: адраджэнне

​​Успамін св. Марыі Гарэцці, панны і мучаніцы

Марыя Тэрэза Гарэцці нарадзілася 16 кастрычніка 1890 г. у гарадку Карынальда, у беднай сям’і. Яе хрысцілі на наступны дзень пасля народзінаў.

Вясной 1902 г. Марыя рыхтавалася прыняць Езуса ў Эўхарыстыі. У маі святар праэкзамэнаваў яе і прызнаў, што яна вельмі добра падрыхтавалася. Але дзяўчынка не магла купіць сабе белую сукенку, пацеркі і замест гэтага раніцай 29 мая прыбралася ў тое, што ёй ахвяравалі суседзі.

На працягу чэрвеня да Марыі два разы заляцаўся Алесандро Сэрэнэлі. Двойчы ён нават прыгразіў, што заб’е яе, калі яна каму-небудзь раскажа. На працягу ўсяго месяца Марыя старалася знаходзіцца як мага далей ад яго. Раніцай 5 ліпеня 1902 г. Гарэцці і Сэрэнэлі працавалі ў полі. Пасля абеду Сэрэнэлі заснуў, а астатнія вярнуліся ў поле. Марыя сядзелa на ганку і чыніла адзенне, прыглядаючы за маленькай сястрычкай. Іншыя дзеці былі разам з маці. Алесандро саступіў Асунце месца пры першай пары валоў і вярнуўся дамоў. Прайшоў каля Марыі ў свой пакой. Потым зноўку з’явіўся з хусткай у руках і спусціўся ў кладоўку, дзе, як пазней высветлілася, затачыў нож. Пасля зноў вярнуўся ў дом і паклікаў Марыю. Але яна адмовіла. Ён выйшаў на ганак і зацягнуў Марыю ў дом. Яму не хапіла смеласці дакрануцца да цела дзяўчынкі. Тады ён нанёс ёй 14 ран нажом. Ніхто не чуў крыкаў Марыі, бо ўсе былі ў полі. Калі знайшлі Марыю, прыехаў мясцовы ўрач. Калі ён перавязваў раны Марыі, яна крычала ад болю і час ад часу паўтарала: «Ах, Алесандро, які ж ты няшчасны! Ты патрапіш у пекла!»

Таму ж святару, які даваў Марыі Першую Камунію, давялося даць і апошнюю. Перад тым як даць ёй віятык, ён спытаў, ці ўсім сэрцам яна прабачае забойцу. «Так, я таксама, у імя любові да Езуса, прабачаю яго і жадаю, каб ён быў са мной у раі… Няхай Пан Бог яму даруе, таму што я ўжо гэта зрабіла», — адказала Марыя. Яна памерла 6 ліпеня.

Суд над Алесандро пачаўся 16 кастрычніка 1902 г. Яго прыгаварылі да 30 гадоў зняволення. У вязніцы ён правёў 8 гадоў без ніякіх прыкметаў пакаяння. Але аднойчы ноччу яму прыснілася Марыя Гарэцці, якая стаяла сярод поля, поўнага кветак, і працягвала яму белыя лілеі. 10 лістапада 1910 г. ён напісаў ліст біскупу, у якім прасіў прабачэння за свой учынак. У 1937 г., у вігілію Божага Нараджэння, Алесандро прыйшоў да Асунты, каб ад яе пачуць, што Марыя яму даравала.

Папа Пій Х прадставіў Марыю як прыклад праўдзівай адданасці Пану Богу — прыклад, які павінен натхняць моладзь. У 1947 г. папа Пій ХІІ далучыў Марыю да ліку благаслаўлёных. Яе кананізацыя адбылася 25 чэрвеня 1950 года.

catholic.by


Сённяшні дзень - выдатная магчымасць паразважаць, ці гатовы мы дараваць так, як гэта зрабіла святая Марыя Гарэцці.

Самае цяжкае, што з кожным днём дараваць ўсё складаней.
Ці вытрымаем мы выпрабаванне, якое пасылае нам Бог?