Get Mystery Box with random crypto!

 13 лютага - памяць сьв. Мартыніяна, які паходзіў з Кесарыі Па | Грэка-католікі Беларусі

13 лютага - памяць сьв. Мартыніяна, які паходзіў з Кесарыі Палестынскай, быў манахам і вёў пустэльніцкае жыцьцё ў горах.

Пасьля 25 гадоў аскетычнага жыцьця Мартыніян быў спакушаны д’яблам. Аднаго дня павея паспрачалася з распусьнікамі, што давядзе пустэльніка да граху. Прыйшла да яго ўначы ў лахманах і казала, што заблукала, баіцца, каб на яе не напалі дзікія зьвяры і прасіла пра начлег. Сьвяты пусьціў яе, бо надвор’е і сапраўды было жахлівае. Уначы яна пераапранулася ў адзеньне прастытуткі і лісьлівымі словамі намаўляла сьвятога да граху. Мартыніян жа ў тую ж хвіліну выбег на двор, распаліў вогнішча і стаў на палаючыя вуглі, кажучы сабе: “Няшчасны Мартыніяне, калі так цяжка вытрываць гэты часовы вагонь, то як жа зьнясеш вагонь вечнага пакараньня?” Кабета, уражаная гэтым відовішчам, пакаялася і навярнулася. Ейнае імя было Зоя.

Калі ў Мартыніяна загаіліся папаленыя ногі, ён уцёк на каменную выспу пасярод мора. Жыў там пад адкрытым небам некалькі гадоў; еў тое, што час ад часу прывозіў яму які-небудзь выпадковы марак. Але і там таксама быў спакушаны.

Аднаго разу пасьля буры марскія хвалі прынесьлі на выспу разам з рэшткамі карабля жанчыну на імя Фацінія (Сьвятлана). Мартыніян дапамог ёй выбрацца на бераг, пакінуў ёй свой хлеб і ваду, а сам кінуўся і ваду і паплыў. Два дэльфіны дапамаглі яму даплысьці да берага. Ад таго часу яшчэ 6 гадоў ён падарожнічаў. І так сярод спакусаў і перамогаў аддаў Богу душу.

Фацінія жыла на каменнай высьпе яшчэ 6 гадоў.