Get Mystery Box with random crypto!

Люблю, таму што люблю і дзеля таго, каб любіць Любоў самадаст | Грэка-католікі Беларусі

Люблю, таму што люблю і дзеля таго, каб любіць

Любоў самадастатковая; сама ў сабе прыемная і з увагі на сябе знаходзіць упадабанне. Яна – заслуга, яна – узнагарода сама для сябе. Не шукае па-за сабой для сябе ні карысці, ні абгрунтавання. Яе ўзнагарода – любоў. Любіць таму, што любіць; любіць для таго, каб любіць.

Якой жа вялікай рэччу з’яўляецца любоў, калі толькі яна звяртаецца да сваёй прычыны, да свайго пачатку, калі, вяртаючыся да сваёй крыніцы, чэрпае адтуль няспынна, каб зноў забруіць. З усіх рухаў душы, з усіх пачуццяў і перажыванняў, толькі любоў дазваляе стварэнню адказаць свайму Стварыцелю ўзаемнасцю, хоць і не такой жа, але падобнай. Бо, калі любіць Бог, Ён не жадае нічога іншага, акрамя таго, каб Яго любілі. Любіць толькі для таго, каб любілі Яго, і ведае, што любячыя моцаю гэтай любові атрымаюць шчасце.

Абранніцкая любоў, або лепш, Любоў, якая з’яўляецца Абраннікам, не жадае нічога іншага, акрамя ўзаемнай любові і вернасці. Таму няхай будзе дазволена ўмілаванай адудзячыць любоўю. Як жа яна можа не любіць Абранніка, і пры гэтым Абранніка Любові? Чаму б не любіць Любові?

Таму, справядліва выракаючыся ўсіх іншых пачуццяў, яна цалкам прысвячае сябе любові, імкнучыся адказаць на любоў узаемнай любоўю. І калі нават уся цалкам пераменіцца ў любоў, то што гэта перад невычэрпнай крыніцай Любові? Бо не з аднолькавым адданнем любяць той, хто любіць, і Любоў, душа і Слова, абранніца і Абраннік, стварэнне і Стварыцель. Розніца ў гэтым выпадку не меншая, чым паміж чалавекам, які мае прагу, і крыніцай вады.

Што ж далей? Ці спыніцца і цалкам знікне жаданне той, якая чакае вяселля; ці знікне туга засмучанай, ці згасне жар любячай, вернасць той, якая спадзяецца, таму што яна не можа спаборнічаць у бегу з волатам, у слодычы з мёдам, у лагоднасці з ягнём, у белі з лілеяй, у бляску з сонцам, у любові з тым, хто з’яўляецца Любоўю? Хоць стварэнне любіць менш з прычыны сваёй абмежаванасці, аднак, калі любіць з усёй сілы, то такая любоў не мае ні ў чым недахопу. Яна ахоплівае ўсё. Таму так любіць – гэта значыць банкетаваць на вяселлі, бо нельга так моцна любіць і быць менш любімым. Бо дасканалы саюз, які мае таксама ўсю паўнату, заключаецца ва ўзаемнасці абранніка і абранніцы. Калі толькі хтосьці не верыць у тое, што Слова палюбіла душу раней і больш.

Св. Бернард