Get Mystery Box with random crypto!

Салодкі абавязак чалавека: маліцца і любіць Памятайце, дзеці | Грэка-католікі Беларусі

Салодкі абавязак чалавека: маліцца і любіць

Памятайце, дзеці мае: скарб хрысціяніна – у небе, не на зямлі. Таму, дзе скарб ваш, туды таксама павінны імкнуцца і думкі вашыя.

Салодкім абавязкам і заданнем чалавека з’яўляецца малітва і любоў. Маліцеся і любіце: вось у чым шчасце чалавека на зямлі.

Малітва з’яўляецца нічым іншым як яднаннем з Богам. Калі хтосьці мае чыстае сэрца і з’яднаны з Богам, адчувае шчасце і слодыч, якія напаўняюць яго, спазнае святло, якое незвычайна яго асвятляе. У гэтым цесным з’яднанні Бог і душа быццам разам выплаўленыя з аднаго кавалку воску, які ўжо ніхто не можа раздзяліць. Гэтае з’яднанне Бога са слабым стварэннем ёсць чымсьці непараўнальным, ёсць шчасцем, якога нельга зразумець.

Мы не заслугоўваем на дар малітвы. Але добры Бог дазволіў, каб мы размаўлялі з Ім. Нашая малітва з’яўляецца наймілейшым для Яго кадзілам.

Дзеці мае, вашае сэрца малое, але малітва пашырае яго і робіць здольным да любові Бога. Малітва – гэта смак неба, ёсць як бы сыходжаннем да нас райскага шчасця. Заўсёды напаўняе нас слодыччу; з’яўляецца мёдам, што сплывае ў душу, якая чыніць усё салодкім. У хвіліны шчырай малітвы цярпенні знікаюць, як снег на сонцы.

Малітва таксама прычыняецца да таго, што час ляціць так хутка і так прыемна, што нават не заўважаецца яго хада.

Ёсць тыя, хто нібы рыбы ў хвалях, цалкам заглыбленыя ў малітву. Адбываецца так таму, што ўсім сэрцам яны адданыя Богу. У іх сэрцы няма раздваення. О, як жа я люблю гэтыя высакародныя душы! Св. Францішак з Асізі і св. Калета бачылі нашага Госпада і размаўлялі з Ім, як мы размаўляем паміж сабою.

А мы, колькі ж разоў прыходзім у царкву не ведаючы, як сябе паводзіць і аб чым прасіць! Калі ідзем да кагосьці, добра ведаем, навошта ідзём. Больш за тое, ёсць тыя, хто нібы прамаўляе да Госпада: «Скажу некалькі словаў, каб мець ужо спакой». Я часта думаю, што калі мы прыходзім пакланіцца Госпаду, то атрымаем усё, чаго прагнем, калі толькі будзем прасіць з жывой вераю і з чыстым сэрцам.

Св. Жан Мары Віяннэй