Get Mystery Box with random crypto!

Дарога святла Гэта дарога святла: хто хоча ісці па ёй да вызн | Грэка-католікі Беларусі

Дарога святла

Гэта дарога святла: хто хоча ісці па ёй да вызначанай мэты, няхай не шкадуе сілаў. Вось настаўленні, як трэба ісці гэтай дарогай. Любі таго, хто цябе стварыў, бойся таго, хто цябе сфармаваў, праслаўляй таго, хто цябе ўратаваў ад смерці. Будзь просты сэрцам і багаты духам. Пазбягай тых, хто ўзыходзіць на дарогу смерці; май агіду да ўсяго, што не падабаецца Богу. Май нянавісць да кожнага праяўлення падману і тады не забудзеш пра запаведзі Госпада. Не ўзвышайся, але будзь пакорным ва ўсім. Не імкніся да ўласнай славы. Не май дрэнных намераў адносна бліжняга і не пускай пыху ў сваё сэрца.

Любі бліжняга, як самога сябе. Не забівай ненароджанага плоду; не забівай таксама пасля нараджэння. Не занядбоўвай клопату пра сына ці дачку, але з дзяцінства вучы іх страху Божага. Не пажадай дабротаў свайго бліжняга; не будзь хцівым. Не сябруй з ганарлівымі, але будзь сябрам пакорных і справядлівых.

Што б ні сталася, усё лічы дабром, будучы перакананым, што нічога не дзеецца без Божай волі. Не будзь двудушным ні ў думках, ні ў мове, бо ілжывы язык – гэта крыніца смерці. 

Дзяліся ўсім з бліжнімі і нічога не называй сваёй уласнасцю. Калі разам дзеліцеся вечнымі дабротамі, наколькі ж больш трэба дзяліцца часовымі. Не будзь шматслоўным, бо язык – гэта пастка смерці. Дзеля дабра сваёй душы захоўвай чыстасць, колькі можаш. Няхай не будзе адкрытай твая рука для брання, а закрытай для давання. Як зрэнку вока, любі тых, хто абвяшчае табе Божае слова.

Днём і ноччу памятай пра дзень твайго суда: імкніся штодзённа быць у таварыстве святых, ці то дзеля абвяшчэння слова, ці для суцяшэння, ці для разважання, як словам ты мог бы збавіць сваю душу, ці, працуючы рукамі, для кампенсацыі за свае грахі.

Не марудзь у даванні. Калі даеш – не наракай, тады даведаешся, кім ёсць той, хто шчодра дае ўзнагароду. Сцеражы тое, што табе даручана, не дадаючы і не аддымаючы нічога. Заўсёды май нянавісць да зла. У судзе будзь справядлівы. Не прычыняйся да разладу, але спрыяй спакою, яднаючы тых, хто сварыцца. Вызнавай свае грахі. Не пачынай малітвы з нячыстым сумленнем. Гэта – дарога святла.

"Ліст Барнабы"