Get Mystery Box with random crypto!

ЛЕЎ ГАРОШКА нарадзіўся 26 лютага 1911 г. у вёсцы Трашчычы (сён | Грэка-католікі Беларусі

ЛЕЎ ГАРОШКА нарадзіўся 26 лютага 1911 г. у вёсцы Трашчычы (сёньня Карэліцкі р-н Гарадзенскай вобл.). У 1928—1931 гг. вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі, потым у Львоўскай духоўнай акадэміі, у 1936—1937 гг. у Каталіцкім універсітэце ў Інсбруку (Аўстрыя).

- 17 кастрычніка 1937 году з блаславеньня мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага быў высьвячаны на сьвятара ўкраінскім грэка-каталіцкім біскупам Мікітам Будкам у прыватнай капліцы мітрапаліта ГКЦ у Львове. Душпастырскую працу пачаў у на Палесьсі ў Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі. Служыў у парафіях Угрынічы, Гарадная (Столінскі р-н), Стоўпцы, Збураж (Маларыцкі р-н). Перасьледаваўся за сваю душпастырскую і асьветніцкую дзейнасьць польскімі сьвецкімі ўладамі, стала знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

- У траўні 1939 г. загадам Наваградзкага ваяводы быў выселены з пагранічнай паласы ў Збураж каля Маларыты. З канца 1939 г. па 1944 г. перабраўся бліжэй да сваіх родных мясьцінаў у Баранавічы, дзе працаваў на настаўніцкіх курсах, настаўнікам беларускай і лацінскай моваў у гандлёвай і медычнай школах, рэдакцыях беларускіх газет ды інш. Уратаваў ад вывазу ў Нямеччыну моладзь з медычнай школы, якую немцы планавалі накіраваць у працоўныя лагеры.

- Пасьля стварэньня ў верасьні 1939 г. Беларускага грэка-каталіцкага экзархату і прызначэньня ў кастрычніку 1940 г. Антона Неманцэвіча экзархам, а. Леў Гарошка 2 траўня 1942 г. быў абраны ў Раду экзархату і прызначаны намесьнікам экзарха.

- Ад лета 1944 г. — на эміграцыі. У 1945 г. арганізоўваў беларускае душпастырства ў Берліне і Мюнхене, потым пераехаў у Рым. У 1946 г. прызначаны Ўсходняй Кангрэгацыяй для душпастырства беларусаў у Францыі, пераехаў у Парыж. У 1946—1957 гг. быў рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі.

- У 1946 г. выдаў малітоўнік «Божым шляхам», а ў 1947—1957 гг. выдаваў рэлігійна-грамадскі часопіс «Божым шляхам». Пісаў пад псеўданімамі Л. Дварэцкі, Анатоль Жменя, Л. Іскра, Пракоп Каваль ды іншымі. Аўтар шэрагу брашураў рэлігійнай тэматыкі.

- У 1959 г. паступіў у навіцыят айцоў-марыянаў у Рыме. У 1960 г. быў пераведзены ў Лондан, дзе прызначаны на пасаду рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. У 1962 г. прыняў манаства ў капліцы сьв. апосталаў Пятра і Паўла ў Лондане. Да 1969 г. заставаўся рэктарам Місіі ды ігуменам законнага Дому ў Лондане. Быў адным з выкладчыкаў у школе-інтэрнаце імя Кірылы Тураўскага. Далучыўся да Згуртаваньня беларусаў у Вялікабрытаніі, уваходзіў у Галоўную ўправу, быў намеснікам старшыні арганізацыі. Ад імя беларусаў выступаў у Брытанскай радзе дапамогі ўцекачам. У 1964 г. стаў першым старшынём Беларускай харытатыўнай секцыі (фонду).

- У 1965 г. атрымаў годнасьць архімандрыта. У 1970 г. перабраўся ў Рым, дзе кіраваў Беларускай секцыяй Радыё Ватыкану. Адначасова выконваў абавязкі рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі.

+ Памёр 28 ліпеня 1977 г. у шпіталі ў Парыжы. Пахаваны ў адной магіле з а. Язэпам Германовічам на St. Pancras Сemetery ў Лондане.

- Як адзначае дасьледчыца жыцьця беларускай дыяспары ў сьвеце Натальля Гардзіенка, вялікі і вельмі цікавы архіў гэтага выдатнага беларускага сьвятара і грамадзкага дзеяча захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.