Get Mystery Box with random crypto!

14 верасня 2022 г. адбудзецца 'Еўрапейскі дзень малітвы за мір | Грэка-католікі Беларусі

14 верасня 2022 г. адбудзецца "Еўрапейскі дзень малітвы за мір". Пра гэта абвясціў Старшыня Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы (РКБЕ) арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у інтэрв’ю італьянскаму выданню Avvenire арцыбіскуп Грушас адзначыў, што Еўрапейскі дзень малітвы за мір адбудзецца ў свята Узвышэння Святога Крыжа, «асабліва шанаванага хрысціянскімі супольнасцямі ўсходняга абраду».

«Такім чынам мы хочам нагадаць пра адзінства Еўропы», — дадаў Старшыня РКБЕ і заклікаў біскупаў і парафіі правесці «прынамсі аднагадзінную эўхарыстычную адарацыю» ў гэтай інтэнцыі.
«Недастаткова сказаць „не вайне“: трэба працаваць дзеля міру», — сцвердзіў літоўскі іерарх.

Каментуючы свой нядаўні візіт ва Украіну, у межах якога арцыбіскуп Грушас наведаў Львоў, Бярдзічаў, Кіеў, Бучу і Ірпень, ён заўважыў, што сустрэў мноства людзей, якія перажываюць страту сваіх блізкіх.
«Мы думалі, што Еўропа ўжо не можа перыжываць падобнай жудасці пасля Другой сусветнай вайны. Аднак вярнуліся ваенныя злачынствы, танкі, дэпартацыі.
Мы казалі: ніколі больш. Але не зрабілі высноваў. Таму недастаткова паўтараць, што мы хочам міру. Мы павінны працаваць дзеля міру. Усе разам», — сцвердзіў арцыбіскуп Віленскі.

На пытанне пра тое, як можна любіць бліжняга, які скідвае бомбы, іерарх адказаў, што трэба маліцца за яго і аб яго навяртанні. Арцыбіскуп Гінтарас Грушас нагадаў, што першаіерарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, Вярхоўны арцыбіскуп Святаслаў (Шаўчук) таксама неаднойчы заклікаў не паддавацца нянавісці, каб не заразіцца ёю.