Get Mystery Box with random crypto!

У цярпеннях мы думаем, што Бог адвярнуў ад нас сваё аблічча. Т | Грэка-католікі Беларусі

У цярпеннях мы думаем, што Бог адвярнуў ад нас сваё аблічча. Тады цемра ахоплівае наша сэрца і не дазваляе заўважыць святло праўды. Калі ж Бог чувае над нашым розумам і ласкава наведвае нас, ведаем, што нішто не можа кінуць нас у цемру. Як аблічча чалавека яснее больш за іншыя члены цела, і мы з лёгкасцю пераконваемся, гледзячы на чыйсьці твар, знаёмы ён ці не, заўважаючы ўсё, наколькі ж больш аблічча Бога асвятляе таго, хто глядзіць на Яго.

Менавіта гэтага датычыць дасканалае раз’ясненне св. апостала Паўла, які як праўдзівы прапаведнік Хрыста, трапнымі словамі і настаўленнямі прадстаўляе Яго нашаму розуму. Кажа: «Бог, які загадаў: “Няхай з цемры заззяе святло”, засвяціў у нашых сэрцах, каб даць святло пазнання славы Божай у абліччы Ісуса Хрыста» (1 Кар 4, 6). Мы ўжо раней даведаліся, як адлюстроўваецца ў нас святло Хрыста. Хрыстос – вечнае святло душ. Айцец паслаў Яго на зямлю, каб асветленыя святлом Яго аблічча мы, якія да гэтага былі ў цемры, змаглі ўбачыць нябесныя і вечныя рэчы.

Дарэчы, навошта я кажу пра Хрыста, калі таксама апостал Пётр сказаў кульгаваму ад нараджэння: «Паглядзі на нас». Кульгавы паглядзеў на Пятра, і быў асвечаны ласкай веры; не быў бы аздароўлены, калі б не паверыў.

Хоць такі вялікі бляск славы быў ужо ў саміх Апосталах, аднак Закхей, даведаўшыся, што тут павінен праходзіць Ісус, залез на дрэва, бо быў малога росту і не мог убачыць Яго ў натоўпе. Калі ўбачыў Хрыста, знайшоў святло. І той, хто да гэтага забіраў чужое, цяпер раздаў сваё.

«Чаму хаваеш Ты сваё аблічча?» (Пс 44 [43], 25). Але нават, калі хаваеш ад нас, Госпадзе, сваё аблічча, яго святло ёсць у нас (пар. Пс 4, 7). Мы маем яго ў нашых сэрцах, яно яснее ў глыбіні душы, бо ніхто не мог бы выстаяць, калі б Ты схаваў сваё аблічча.

Св. Амброзій Медыяланскі