Get Mystery Box with random crypto!

«Я і Айцец прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго» (Ян 14, 23). | Грэка-католікі Беларусі

«Я і Айцец прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго» (Ян 14, 23). Адчыні свае дзверы Таму, Хто прыходзіць, адкрый тваю душу, пашыр твой розум, каб убачыць багацце прастаты, скарб спакою, слодыч ласкі. Пашыр сваё сэрца, выбежы насустрач вечнаму святлу, «якое асвятляе кожнага чалавека» (Ян 1, 9). Несумненна, сапраўднае святло ззяе ўсім. Калі, аднак, хтосьці закрывае сваё акно, сам пазбаўляе сябе вечнага святла. Калі ты закрываеш дзверы твайго розуму, Хрыстос застаецца звонку. Што праўда, Ён змог бы ўвайсці, але не хоча ўваходзіць без запрашэння, не хоча змушаць тых, хто не хоча.

Народжаны з Дзевы, выйшаў з Яе ўлоння, асвятляючы ўвесь свет і асвячаючы ўсіх. Яго прымаюць усе, хто прагне бляску вечнага святла, якое не згасіць ніякая моц. Сонца, на якое мы штодня глядзім, адступае перад змрокам ночы, але сонца справядлівасці ніколі не заходзіць, бо мудрасць ніколі не саступае злу.

Шчаслівы той, у чые дзверы стукаецца Хрыстос. А нашымі дзвярыма з’яўляецца вера. І калі яна моцная, то трымае ў бяспецы ўвесь дом. Менавіта праз такія дзверы ўваходзіць Хрыстос. Таму ў кнізе Песні песняў Царква заклікае: «Слухай, мой умілаваны стукае ў дзверы» (Пп 5, 2). Таму пачуй таго, хто стукаецца, пачуй таго, хто хоча ўвайсці: «Адчыні мне, сястра мая, абранніца, мая галубка, ты мая беззаганная, бо раса пакрыла маю галаву, а пасмы валасоў сталі вільготнымі ад кропляў ночы» (Пп 5, 2).

Падумай, што Бог-Слова стукаецца ў твае дзверы асабліва тады, калі Яго галава пакрытая начной расой. У сваёй дабрыні Ён прагне наведаць тых, хто мае спакусы і цярпенні, каб перад абліччам цяжкасцяў абараніць іх ад падзення. Таму Яго Галава пакрываецца расой і кроплямі, калі церпіць Яго цела. Менавіта тады трэба чуваць, каб Абраннік, калі прыйдзе, не адышоў незапрошаным. Калі ж ты спіш, і сэрца тваё не чувае, Ён адыходзіць, нават не пастукаўшы. Калі ж тваё сэрца чувае, тады Ён стукаецца і просіць, каб ты яму адчыніў.

Але існуюць дзверы душы, існуюць таксама брамы, пра якія сказана: «Падыміце вярхі вашыя, брамы, узніміцеся, адвечныя вароты, каб увайшоў Кароль славы» (Пс 24 [23], 7). Калі захочаш падняць вярхі брамы тваёй веры, да цябе ўвойдзе Кароль славы ў трыумфе сваёй перамогі, якую атрымаў падчас Мукі. Таксама і справядлівасць мае свае брамы. Мы чытаем пра іх словы, якія Госпад сказаў праз свайго прарока: «Адчыніце мне брамы справядлівасці» (Пс 118 [117], 19). Таму душа мае свае дзверы, мае таксама сваю браму. Прыходзіць і стукае ў яе Хрыстос, стукае ў дзверы. Адчыні Яму; Ён хоча ўвайсці, хоча знайсці абранніцу ў чуванні.

Св. Амброзій Медыяланскі