Get Mystery Box with random crypto!

Падзяку ўзносьце так. Падзяку над чашай: «Дзякуем Табе, Ойча н | Грэка-католікі Беларусі

Падзяку ўзносьце так. Падзяку над чашай: «Дзякуем Табе, Ойча наш, за святы вінаградны шчэп Твайго слугі Давіда, які даў нам спазнаць праз Ісуса, Твайго Слугу. Табе слава навекі».

Затым над разламаным хлебам: «Дзякуем Табе, Ойча наш, за жыццё і за веру, якую даў нам пазнаць праз Ісуса, Твайго Слугу. Табе слава навекі. Як гэты хлеб быў рассеяны па ўзгорках, a калі быў сабраны, стаў чымсьці адным, так няхай збярэцца Твая Царква з межаў зямлі да Твайго Валадарства. Бо Твая слава і сіла праз Ісуса Хрыста навекі».

Няхай ніхто не спажывае і не п’е вашай Эўхарыстыі, акрамя таго, хто быў ахрышчаны ў імя Госпада. Пра гэта Госпад сказаў: «Не давайце сабакам таго, што святое» (Mц 7, 6).

Пасля спажывання дзякуйце так: «Дзякуем Табе, Ойча святы, за Тваё імя святое, якому падрыхтаваў жыллё ў сэрцах нашых; дзякум за пазнанне, веру і несмяротнасць, якую даў нам пазнаць праз Ісуса, Твайго Слугу. Табе слава навекі.

Госпадзе ўсемагутны! Ты стварыў усё для імя свайго. Ты даў людзям напой і ежу, каб яны Табе дзякавалі. Нам жа Ты пакінуў ежу і духоўны напой, а таксама вечнае жыццё праз Ісуса, Твайго Слугу. За ўсё дзякуем Табе, бо Ты магутны, Табе слава навекі.

Госпадзе, памятай пра Царкву Тваю. Барані яе ад усялякага зла і ўдасканаль у сваёй любові. З чатырох бакоў свету збяры яе, асвяці ў валадарстве Тваім, якое Ты падрыхтаваў для яе. Бо Твая сіла і слава навекі.

Хай жа прыйдзе Твая ласка і праміне свет гэты. Гасанна Богу Давіда. Хто святы, няхай прыступіць, хто ж не з’яўляецца ім, няхай каецца. Maran atha. Амін».

Сабраныя ў дзень Госпада, вызнавайце спачатку вашыя грахі, каб ахвяра вашая была чыстая; пасля ламайце хлеб і ўзносьце падзяку. А той, хто жыве ў нязгодзе са сваім братам, пакуль не памірыцца з ім, няхай не далучаецца да вас, каб вашая ахвяра была чыстай. Бо Госпад сказаў: «У кожным месцы і ў кожны час няхай прыносіцца мне ахвяра чыстая, бо Я – вялікі Кароль, − кажа Госпад, − а Маё імя будзе ў пашане сярод народаў» (пар. Мал 1, 11. 14).

Вучэнне 12 апосталаў