Get Mystery Box with random crypto!

Давід кажа: «Я ведаю беззаконні мае» (Пс 51 [50], 5). Калі я п | Грэка-католікі Беларусі

Давід кажа: «Я ведаю беззаконні мае» (Пс 51 [50], 5). Калі я прызнаю, Ты забудзь. Не будзем думаць, што мы дасканалыя і не маем граху. Каб жыццё заслужвала пахвалы, будзем прасіць аб прабачэнні правінаў. Людзі ж, якім не хапае надзеі, тым менш звяртаюць увагу на свае грахі, чым больш старанна вышукваюць іх у іншых. A шукаюць не для таго, каб выправіць зло, але каб яго асудзіць. Паколькі для сябе не знаходзяць апраўдання, гатовыя абвінавачваць іншых. Але не такі прыклад малітвы і пакуты раіць нам псальміст у словах: «Я ведаю беззаконні мае, і грэх мой заўжды перада мною» (Пс 51 [50], 5). Не шукаў чужых грахоў. Даследаваў сваё сумленне, не ашукваў сябе, але глыбока задумваўся над сабою. Не дагаджаў сабе, таму меў падставу прасіць аб прабачэнні.

Хочаш паяднацца з Богам? Рабі так, каб Бог паяднаўся з табою. Паглядзі, пра што чытаем у гэтым псальме: «Бо Ты не прагнеш ахвяры, усеспаленне, хоць бы даў я, Табе не спадабаецца» (Пс 51 [50], 18). А значыць, не прынясеш ахвяры? Нічога не ахвяруеш? Нічога не дасі, каб здабыць прыхільнасць Бога? Як сказаў: «Бо Ты не прагнеш ахвяры, усеспаленне, хоць бы даў я, Табе не спадабаецца» (Пс 51 [50], 18). Слухай далей і кажы: «Ахвяра для Бога – дух пакорны, сэрцам скрушаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш» (Пс 51 [50], 19). Адкінуўшы прынесеныя перад гэтым ахвяры, ты знайшоў тое, што прынясеш цяпер. Калісьці ты прыносіў у ахвяру жывёл са статку. «Калі б ты пажадаў ахвяраў, я прынёс бы напэўна» (пар. Пс 51 [50], 18). А значыць, не прагнеш ужо тых, але аднак прагнеш ахвяры.

«Усеспаленні, – кажа, – не падабаюцца Табе». Калі не падабаюцца, то ці ж не будзе ўжо прынесеных Табе ахвяр? Але ж «ахвяра для Бога – дух пакорны, сэрцам скрушаным і пакорным Ты, Божа, не пагарджаеш» (Пс 51 [50], 19). У цябе ёсць тое, што ты мог бы прынесці ў ахвяру. Не маеш патрэбы разглядацца свярод свайго статку і рыхтаваць караблі, каб дабрацца да самых далёкіх краін і прывесці адтуль духмянасці. Старайся ў сваім сэрцы знайсці тое, што прыемнае Богу. Трэба абудзіць у сэрцы скруху. Чаму баішся, што будучы скрушаным, яно перастане існаваць? Ты ж чытаеш: «Чыстае сэрца ствары ўва мне, Божа» (Пс 51 [50], 12). Каб магло сэрца стаць чыстым, трэба абудзіць скруху ў нячыстым.

Калі мы грашым, не падабаемся самім сабе, таму што Богу не падабаюцца грахі. A паколькі мы не з’яўляемся бязгрэшнымі, прынамсі ў тым будзем падобныя да Бога, што нам не будзе падабацца тое, што Яму не падабаецца. Так ты з’яднаешся з Божай воляй, бо не будзе табе падабацца ў табе тое, да чаго і Бог, які стварыў цябе, адчувае агіду.

Св. Аўгустын