Get Mystery Box with random crypto!

Там, дзе Прыпяць-рака па пяску гонiць воды Сярод багнаў i пушч | Грэка-католікі Беларусі

Там, дзе Прыпяць-рака па пяску гонiць воды
Сярод багнаў i пушчаў палескiх,
Там Баболя Сьвяты душам нёс асалоду,
Жыў, вучыў веры Божай, нябескай.
Зрокся панскiх дастаткаў, уцехi i славы,
Неба тайнага клiку паслухаў;
Пасьвяцiўся на службу за Божую справу,
Ў сэрцы маючы Божага Духа.
I вясковую, ўбогую, цёмную хату
Палюбiў з яе горам, нудою;
З добрым словам, з пацехай сьпяшаўся да брата,
Ўсiм атуху прыносiў з сабою.
Нi яму маразы на дарозе стаялi,
Нi яго адстрашалi грымоты,
З Божым дарам усюдах Яго спатыкалi,
Як iшоў, як нёс сьвет у цямноты.
Ў Беларусi ў той час войны, бiтвы кiпелi:
Край чужынцы напалi, змагалi,
Як маглi; нi малых, нi старых нi жалелi:
Што нажу, што агню аддавалi.
Не мiнула i Пiншчыну гэта нiшчасьце:
Банды ворагаў суд свой тварылi;
Здрайцы у помач к iм шлi, каб самiм нi прапасьцi,
I магiлы братом сваiм рылi.
Хто свае кiдаў хаты i ў пушчы хаваўся,
Хто ратунку ў чужыне дзе тукаў,
А Баболя на службе сваей аставаўся
Сярод гэтых пажараў i мукаў.
З верай шчырай у справу рэлiг'i сьвятую
Пацяшае, наўчае дзе можыць,
Покi вораг i гэту душу залатую
Нi парваўся змагчы i знiштожыць.
Здрайца мейсцэ ўсказаў, дзе Сьвяты навучае...
З дзiкiм гiкам злавiлi Баболю,
А той iх Божым словам вiтае
I сябе аддае Божай волi.
На сваю на афяру, як зьвер згаладалы,
Навалiлася ворагаў шайка,
I аддалi мучэньню, як сiл iм ставала,
Секлi, рэзалi шабляй, нагайкай.
Прывалокшы Сьвятога Андрэя ў Янова,
На разнiчым стале палажылi,
Пачалi картавацi па-свойму нанова:
Цела рэзалi, косьцi крышылi.
Абразалi i губы, i вушы, i пальцы,
Пачапiлi вяроўкаю к столi,
Заганялi цьвякi азьвярэўшы паганцы, -
Аж дух к Богу узнёсься Баболi.
З тэй пары лет бяз лiку непамяць скасiла,
Многа лет, многа зiм прамiнула, -
Нi адна узышла пры магiле магiла,
Шмат чаго ў небыцьцё патанула.
Толькi хвала ня ўмёрла Андрэя Баболi.
Даў Бог сiлу яму тварыць цуды,
А iх сьведка - народ не забыўся нiколi,
Ўзносе модлы к сьвятому паўсюды.
Песьнi, казкi растуць з кожным годам
Аб замучаным страшна Андрэю,
Хвала шырыцца скрозь ад народа к народу,
Дух Сьвятога цуднее, ясьнее...
Будзь жа, будзь Ты, Баболя заступнiкам нашым
Пiрад Ствурцам Нябесным Прадвечным,
I люд свой, што любiў так, хоць вораг i страшыў,
У апецэ i ласцэ мей вечна.
Выпрась долю яму i прыхiльнасьць у Бога,
Спор у хаце, ураджайнасьць у полi,
Павядзi к яснай славе шчасьлiвай дарогай
Беларусь з панiжэньня, з няволi.
Дай нам гарт, моц i сiлу няпраўду здалецi,
Дай нам сьветач развiднiваць ночы,
I прымерам будзь нам, як павiнны глядзецi
Сьмела гору i ворагу ў вочы.
Амэн.