Get Mystery Box with random crypto!

Кірыла Тураўскі (каля 1130 – пасьля 1190), пісьменьнік, царкоў | Грэка-католікі Беларусі

Кірыла Тураўскі (каля 1130 – пасьля 1190), пісьменьнік, царкоўны дзеяч, багаслоў. Зьвестак пра яго жыцьцё ня шмат. У рукапісных пралогах захавалася яго «Жыцьцё» – кананічная царкоўная біяграфія: «Гэты шчасны Кірыла, – гаворыцца ў ёй, – нарадзіўся і выхоўваўся ў горадзе Тураве. Сын заможных бацькоў, ён не любіў, аднак, багацьця і тленнай славы гэтага сьвету; але найперш стараўся спасьцігнуць вучэньне боскіх кніг і добра напрактыкаваўся ў сьвятых пісаньнях». Атрымаў добрае хатняе выхаваньне, пазьней спасьціг вышэйшыя навукі і мастацтвы ад грэцкіх настаўнікаў. Па-майстэрску валодаў народнай вобразнай і стараславянскай мовамі, глыбока ведаў візантыйскую культуру, асабліва паэзію і красамоўства. Рана стаў паслушнікам аднаго з тураўскіх манастыроў. Кірыла Тураўскі быў першым вядомым на Русі «стоўпнікам» (зачыніўся ў манастырскай вежы, каб поўнасьцю аддацца роздуму і малітвам). Там ён ня толькі сузіраў сьвет Божы і маліўся: у затвор малады паслушнік перанёс багатую на той час бібліятэку і напісаў там свае першыя творы.

Каля 1169 князь Юры Яраславіч з тураўскімі старэйшынамі ўпрасілі Кірылу-мніха прыняць біскупства. У першы год свайго служэньня тураўскі біскуп набыў вядомасьць удзелам у т.зв. «справе Феадорца». Нейкі Фёдар з Уладзімерска-Суздальскага княства, выкарыстаўшы славалюбныя планы князя Андрэя Багалюбскага, пачаў раскол да гэтага часу адзінай праваслаўнай Царквы на Русі. Кірыла Тураўскі дасьціпна выкрыў ерась Феадорца і пракляў яго, а да Андрэя Багалюбскага напісаў шмат пасланьняў у гэтай справе, якія, аднак, не захаваліся. На думку дасьледчыка спадчыны Кірылы Тураўскага біскупа Яўгена, сваімі пасланьнямі да Андрэя Багалюбскага асьветнік імкнуўся па-хрысьціянску паўплываць на князя ўсходняй Русі.

На думку дасьледчыкаў (І.Яроміна, В.Чамярыцкага), да літаратурнай спадчыны Кірылы Тураўскага належаць 8 словаў-казаньняў, 2 прыповесьці пра душу і цела, альбо пра сьляпога і кульгавага (кароткая і поўная рэдакцыі), 2 казаньні пра манаскі чын і анёльскі вобраз, 2 пасланьні да Васіля, ігумена Пячорскага, 2 каноны і каля 30 спавядальных малітваў, дзе з вялікай глыбінёй выявіліся асоба пісьменьніка, яго духоўныя перажываньні. Апошнія творы Кірыла Тураўскі напісаў, верагодна, ужо пасьля таго, як зноў адышоў ад грамадзка-царкоўнай дзейнасьці, жыў у кельлі пры царкве сьв. Міколы ў Тураве, засяродзіўшыся на малітвах і багаслоўскай творчасьці. Памёр асьветнік у апошняе дзесяцігоддзе 12 ст. Яго памяць царква ўшаноўвае 28 красавіка

Творы Кірылы Тураўскага набылі вялікую папулярнасьць на Русі і распаўсюджваліся ў сьпісах у 12-17 стст. Яго малітвы друкаваліся ў Беларусі ў «Евангелии учительном» (Заблудаў, 1569) І.Фёдарава і П.Мсьціслаўца, у «Молитвах повседневных» (Еўе, 1615; Вільня, 1635) і інш. выданьнях. У 1821 г. К.Калайдовіч выдаў 15 твораў Кірылы Тураўскага ў «Помніках расейскай славеснасьці XII ст.». Пазьней біскуп менскі і тураўскі Яўген выдаў зборнік яго твораў у перакладзе на расейскую мову (Кіеў, 1880). Акадэмічнае выданьне літаратурнай спадчыны беларускага асьветніка ажыцьцявіў І.Яромін у 1956-1958 гг. Ю.Лабынцаў перавыдаў факсімільным спосабам (1992) малітоўныя творы Кірылы з віленскага выданьня «Молитвы повседневные» (1956).