Get Mystery Box with random crypto!

Кайцеся Уважліва прыгледзімся да Хрыстовай крыві і пастараемс | Грэка-католікі Беларусі

Кайцеся

Уважліва прыгледзімся да Хрыстовай крыві і пастараемся зразумець, наколькі яна каштоўная для Бога, Яго Айца; пралітая дзеля нашага збаўлення, яна прынесла ўсяму свету ласку пакаяння.

Пройдземся па ўсіх этапах гісторыі і зразумейма, што ў кожным пакаленні Госпад даваў магчымасць раскаяцца тым, хто хацеў да Яго вярнуцца. Вестуном пакаяння быў Ной, а тыя, хто яго паслухаў, былі ўратаваныя. Ёна прадказваў жыхарам Нінівы згубу, аднак яны, каючыся ў грахах, уміласцівілі Бога малітвамі і атрымалі збаўленне, хоць былі далёка ад Бога.

Пра пакаянне гаварылі слугі Божай ласкі, натхнёныя Духам Святым. Нават сам Валадар сусвету, прысягаючы, сказаў аб пакаянні: «Я жывы, – кажа Госпад. – Я хачу не смерці грэшніка, але яго пакаяння». Акрамя таго Ён дадаў знамянальныя словы: «Апамятайся, доме Ізраіля, ад беззаконня свайго. Скажы сынам народу Майго: Калі грахі вашыя дойдуць ад зямлі аж да неба, калі будуць чырванейшымі за пурпур і чарнейшымі за мешкавіну, і калі ад усяго сэрца навернецеся да Мяне і скажаце: “Ойча”, – тады Я прыслухаюся да вас як да народу святога» (пар. Эзх 33, 11; Ос 14, 2; Іс 1, 18 і інш.).

Такім чынам, жадаючы, каб Яго ўмілаваныя сталі ўдзельнікамі пакаяння, Ён пацвердзіў гэтыя словы сваёй усемагутнай воляй.

Таму мы павінны падпарадкавацца Яго велічнай і слаўнай волі і, пакорна просячы ў Яго літасці і ласкавасці, павінны звярнуцца да Яго міласэрнасці, пакінуўшы марныя справы, сваркі і зайздрасць, якія вядуць да смерці.

Браты, будзем жа пакорныя духам, адкідаючы ўсякую пыху і ганарыстасць, безразважнасць і гнеў. Будзем рабіць тое, што напісана, бо так кажа Дух Святы: «Няхай мудрэц не хваліцца мудрасцю сваёй, ды асілак – сілаю сваёй, багаты – сваім багаццем; але калі хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам, шукаючы Яго і праўду і паступаючы справядліва» (пар. Ер 9, 23-24; 1 Кар 1, 31 і інш.). Асабліва трэба памятаць словы Госпада Ісуса, якія Ён сказаў, навучаючы справядлівасці і доўгацярплівасці. Ён сказаў так: «Будзьце міласэрнымі, і міласэрнасць спазнаеце; прабачайце, каб і вам прабачылі; як вы робіце, так і вам зробяць; як вы даяце, так і вам дадуць; як вы судзіце, так і вас асудзяць; наколькі вы ласкавыя, настолькі і вы спазнаеце ласкавасць; якой мераю мераеце, такою і вам адмераюць» (пар. Мц 5, 7; 6, 14; 7, 1. 2. 12 і інш.).

Будзем жа трымацца гэтага наказу і гэтых запаведзяў, каб у паслухмянасці і поўныя пакоры мы заўсёды ішлі за Ягонымі святымі словамі. Бо Ён сказаў святое слова: «На каго Я пагляджу, калі не на пакорнага і спакойнага, на таго, хто трымціць ад Маіх слоў?» (пар. Іс 66, 2).

Таму, стаўшы ўдзельнікамі многіх цудоўных падзей, вернемся да таго спакою, які быў дадзены нам з самага пачатку, і ўважліва ўгледзімся ў Айца і Стварыцеля ўсяго свету, а таксама моцна прыпадзем да Яго велічных і нязмерных дароў спакою і дабрадзействаў.

Св. Клімент, Папа Рымскі