Get Mystery Box with random crypto!

Станіслаў Тэадоравіч Нарбут (1853-1926) - лекар, які праславіў | MovaMed

Станіслаў Тэадоравіч Нарбут (1853-1926) - лекар, які праславіўся станаўленнем медыцыны і будаўніцтвам шпіталю на Браслаўшчыне. Быў мецэнатам, вядомым грамадскім дзеячам.

Ураджэнец Лідскага раёна Віленскай губерні, ён скончыў два універсітэты (у Мюнхене і Тарту). У 1879 г. вытрымаў выпрабаванні на ступень доктара медыцыны. Тут жа ён абараніў доктарскую дысертацыю. Першыя гады лячэбнай практыкі прайшлі за мяжой. Пасля Германіі меў прыватную практыку ў Друі, Браславе.

Потым С. Нарбут стаў сельскім лекарам у Браславе. За ўласныя грошы пабудаваў шпіталь ў Браславе, куды было закуплена абсталяванне і запрошаны кваліфікаваныя медыкі. Адметна тое, што і будынак шпіталю быў вельмі прагрэсіўным для свайго часу: быў вадаправод, эркер з вокнамі, размешчанымі па коле дазваляў павялічыць асвятленне ў аперацыйнай. Амаль 90 гадоў выконвала свае функцыі лячэбніца. Узведзеную за 1,5 гады і адкрытую ў 1906 г. бальніцу з чырвонай цэглы і цяпер яшчэ называюць нарбутаўскай лячэбніцай. (Зараз там размешчаны Свята-Панцеляймонаўскі жаночы манастыр)

Нарбут удзельнічаў у грамадскім жыцці горада і ўзначальваў пажарную дружыну Браслава, браў удзел у працы страхавой касы, стварыў таварыства цвярозасці і народны тэатр, дзе быў таксама рэжысёрам і акторам, выдаваў газету "Дух Браслаўца". Пад наглядам павятовага лекара знаходзіліся аптэкі, прадпрыемствы харчавання, лазні, школы.

Падчас Першай сусветнай вайны кіраваў ваенным лазарэтам на Паўночна-Заходнім фронце, дзе быў цяжка паранены, і яму была ампутаваная нага.
У 1919 г. вярнуўся да лекарскай практыкі. Землякі адзначалі выключную дабрыню доктара. Ён бясплатна лекаваў бедных, прымаў пацыентаў у сябе дома і ехаў у любую вёску, калі чалавек не мог дабрацца сам. Адметна тое, што са сваімі пацыентамі доктар размаўляў на іх мове: з беларусамі на беларускай, з расейцемі на расейскай, з палякамі на польскай, з габрэямі на ідышы.

У адзін з візітаў да хворага доктар праваліўся пад лёд, захварэў і памёр ад запалення лёгкіх.
Станіслаў Нарбут пахаваны на Замкавай гары ў Браславе, на сваім улюбеным месцы, адкуль ён глядзеў на наваколле горада. Грошы на помнік сабралі ўсе ўдзячныя жыхары павета. Помнік лекару ёсць высокім маяком, наверсе каторага ўключаўся моцны ліхтар, каб рыбакі і спадарожнікі цёмнай ноччу маглі дабрацца да горада. Гэта вельмі сымбалічна, бо сымбалізуе самаадданасць лекара - Aliis inserviendo consumor.