Get Mystery Box with random crypto!

Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка (1848-1905) – адзін з самых яркіх | MovaMed

Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка (1848-1905) – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай навуковай думкі другой паловы XIX - пачатку XX ст., чые даследаванні апярэдзілі свой час. Доктар медыцыны, прафесар, член-карэспандэнт Рускага геаграфічнага таварыства. Яго навуковыя інтарэсы ахоплівалі галіны медыцыны і прыродазнаўства. Іх асаблівасцю быў універсалізм. Усебаковы знаўца таемнасцей электрычнасці, ён зрабіў шэраг выдатных адкрыццяў. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму электрамагнітных хваляў на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, 1891), але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае прыярытэт Я. Наркевіча-Ёдкі ў гэтым вынаходніцтве - пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898).
Апроч таго, зрабіў значныя адкрыцці ў галіне метэаралогіі, за што ўзнагароджаны сярэбраным медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Нарадзіўся ў Менскай губерніі, паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў гербу "Ліс". Нашчадак у тым ліку роду Касцюшкаў па матчынай лініі. Скончыў Менскую гімназію (1865), працягваў навучанне ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене. Асноўная навуковая дзейнасць вучонага праходзіла ў яго радавым маёнтку Наднёман. Тут была створана метэаралагічная станцыя, якая ўваходзіла ў склад Галоўнай фізічнай абсерваторыі Расіі.

Якуб Атонавіч быў таксама выдатным урачом. Ён даказаў, што з дапамогай электраграфіі можна вызначыць псіха- і фізіялагічны стан чалавека і ўдала выкарыстоўваў яе для дыягностыкі хвароб і лячэння захворванняў. За гэта адкрыццё ў 1900 г. магнетычная секцыя Міжнароднага кангрэса ў Парыжы абрала Я. Наркевіча-Ёдку сваім прэзідэнтам, і яму было прысвоена званне прафесара электраграфіі і магнетызму.

У 1892 годзе ён адкрыў у Наднёмане аднайменны санаторый. Тут практыкаваліся самыя перадавыя метады аздараўлення: лячэбныя ванны, спецыяльная гімнастыка, мінеральныя воды, дыетычнае харчаванне. А галоўнае - электратэрапія і электрамасаж, распрацаваныя і запатэнтаваныя самім Наркевічам-Ёдкам, якія выкарыстоўваліся для спаралізаваных і нервова-хворых.

У 1896 годзе ў санаторыі адкрылася кумыса-лячэбная ўстанова, дзе пад кіраўніцтвам лекара памочнікі з Башкірыі гатавалі для пацыентаў карысны для здароўя кумыс.

У тыя часы на тэрыторыі сучаснай Беларусі лютавалі сухоты, лячэнне якіх стала адным з асноўных кірункаў медычных пошукаў навукоўца. У санаторый "Наднёман" з'язджаліся хворыя на сухоты забяспечаныя людзі з усёй Еўропы. Яны жылі ў асобных будынках, кожны - на аднаго пацыента, у светлым сасновым лесе. Паблізу былі адкрыты крыніцы мінеральнай вады, цяпер побач з імі месціцца санаторый Пад'ельнікі.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. у маёнтку у Наднёмане размяшчалася школа механізатараў, частку пабудоў разабралі на будаўнічы матэрыял. Навуковае абсталяванне вывезлі. Да 1941 г. тут мясціўся дзіцячы санаторый. Падчас вайны партызаны ўзарвалі палац. А ў 1995 г. рухнула вежа, дзе знаходзілася метэралагічная станцыя.

Рэшткі сядзібы і санаторыя знаходзяцца ў вёсцы Наднёман, Уздзенскі раён, Менская вобласць, 84 км ад Менску.