Get Mystery Box with random crypto!

Гэта будзе доўгі пост... Даўно хацелася напісаць пра гэтую пр | Бортніцтва Беларусі

Гэта будзе доўгі пост...
Даўно хацелася напісаць пра гэтую прыладу бортніка, якая праз тысячагоддзі дайшла да нас амаль нязменна, і сёння ёй няма рады сярод іншых прылад і прыстасаванняў. Гэта я пра лязіва або яшчэ больш за 20 рэгіянальных назваў той самай прылады, якая трапіла ў пісаны звод законаў ВКЛ, якая ўжо больш за 1000 год дапамагае бортніку глядзець пчол і быць да іх бліжэй.
Лязіва ня простая прылада - а як сёння б сказалі "космас", бо звышпростая механіка ў дасканалым і вытанчаным выглядзе. Гэтае прылада мае больш загадак, чым адронны калайдар (жарт), мае свой нораў і аздобу - але ж для бортніка як брат родны і паплечнік заўсёды ходзіць у пчолы.
У саміх назвах схаваны "таемны" сэнс самой прылады - бо праз назвы (а іх па краіне зафіксавана на сёння зафіксавана каля 20) раскрываецца працэс вырабу (плець, пляцёнка), матэрыял з якога вырабляецца (ліпа, жэнь - адна з версій - што гэта скарочана ад "кожэнь"), функцыянальнае выкарыстанне (узлазіць на дрэва - лязіва, лезіва, лезьво, лазіво, лазня, лезея).
Калі паглядзець на тэрыторыі, па якіх распаўсюджана тая ці іншая форма - то найбольшая колькасць варыяцый належыць гомельскай вобласці (усходняму Палессю) - дзе сустракаюцца амаль усе варыянты, а бывае і такое, што ў адной вёсцы адразу некалькі варыянтаў.
Дык вось - больш за ўсё сустракаецца "плець" і яе формы, затым "ліна" (хутчэй за ўсё сінонім "вяроўкі"), меньш сустракаецца, але раскідана па ўсёй краіне "лязіва" з яе дзясяткамі вытворных форм, і ўжо канцэнтравана "жэнь" з яе формамі.
Адна бяда, чамусьці аніяк не выдзелілася Віцебская вобласць са сваімі назвамі - што для паўнаты і парадку не хапае.
Канешне не магу не сказаць пра крыніцы... Адкуль такая мапа паўстала? Адкуль такія назвы? Для вымалёўкі мапа і складання матрыцы назваў выкарыстоўваліся рэгіянальныя слоўнікі, пчалярскі слоўнік, этнаграфічныя працы (Машынскі, Раманаў, Пяткевіч і некаторыя іншыя, музейныя калекцыі і іх апісанне, матэрыялы экспедыцый, інтэрв'ю бортнікаў розных часоў.
А калі ў вас узніклі пытанні ці з'явіліся дапаўненні пішыце ў каментарах - распачнем разам плесці сваё новае "віртуальнае" лязіва:)
#беларусь #бортніцтва #лязіва #традыцыі #belarus #treebeekeeping #liaziva