Get Mystery Box with random crypto!

Пачатак студзеня 2023-га. Бахмут. Я з прэс-службай Палка праг | Полк Каліноўскага

Пачатак студзеня 2023-га. Бахмут.

Я з прэс-службай Палка прагульваюсь па Бахмуту з мэтай паказаць горад падчас вядзення баявых дзеянняў. Прыехалі ў цэнтр. Здымаемся каля надпісу "Смерць русне". Побач з намі спыняюцца два ЗСУ-шніка і кажуць, што метрах у 300-ах наперад прылётам расейскай міны забіла бабку. Вырашылі пад'ехаць: мо не забіла, мо паранена і патрэбна дапамога. Пад'ехалі. Уперадзе, метрах у 70-ці, ляжыць цела. Побач з намі ля дарогі стаіць жанчына гадоў 35-ці з вялікім сабакам. Махае рукамі, просіць дапамогі. Сабака сеў і сядзіць. Нікуды не хоча ісці. Мы адразу не зразумелі, што справа ў сабацы. Думалі, мо каго параніла і жанчына нас падзывае. Спыніліся ля яе і пачулі:
— Дапамажыце завесці сабаку ва ўніверсітэт — ісці не хоча!
Зразумеўшы, што справа ў сабацы, я пайшоў да цела, што ляжала на зямлі.Гэта была бабуля гадоў каля 80-ці. Яна ляжала тварам уверх. Рукі былі складзены на жываце. Бачна было, што бабка ў маладосці была вельмі прыгожая. Акуратна апранутая, з памадай на губах, яна ляжала на асфальце, не падаваючы прыкметаў жыцця. Грудзі не ўздымаліся ад дыхання, пальцы рук былі пажаўцелыя.
Тая жанчына з сабакам сказала нам, што бабку забіла яшчэ раніцай. Я вярнуўся да машыны. Сталі разварочвацца. І ў гэты момант жанчына з сабакам спыніла тры машыны ЗСУ, што праязджалі міма. Тыя спыніліся, утварыўшы пробку на дарозе, якая перыядычна абстрэльвалася. Жанчына ўсіх прасіла падвезці сабаку ў будынак і паскардзілася на нас, што мы ёй адмовілі. Мы фактычна застралі, стаўшы поперак дарогі. Тады я выйшаў з машыны, падышоў да жанчыны і на эмоцыях сказаў:
— Зараз я застрэлю вашага сабаку, каб вы менш за яго клапаціліся!
Жанчына трохі супакоілася. Аўто раз'ехаліся і мы, нарэшце, змаглі развярнуцца і паехалі далей. Дзіўнае ўражанне ў мяне выклікаў гэты кантраст: забітая бабка і алкагалічка, якая ў 70 метрах ад цела спрабавала зрушыць з месца непаслухмянага сабаку. Людзі прывыкаюць да смерці на вайне. Адносяцца да яе па-іншаму, не так, як у мірным жыцці. Смерць становіцца нечым звычайным.

#дзённік_каліноўца