Get Mystery Box with random crypto!

​​Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. Што гэта значыць для Беларусі? | ASTAPENIA

​​Сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. Што гэта значыць для Беларусі?

Учора прайшла чарговая сустрэча Лукашэнкі і Пуціна. У выніку ўзгаднілі 28 саюзных праграм, дамовіліся аб аб'яднанні рынкаў нафты, нафтапрадуктаў, газу і электраэнергіі. Што гэта ўвогуле значыць для Беларусі, і што нам чакаць у будучыні ад гэтых пагадненняў?
Каментуюць эксперты Цэнтра новых ідэй:

Рыгор Астапеня @astapenia:
Адзінай рэччу, якая яшчэ заставалася ў арсенале Лукашэнкі, каб пабудаваць вакол сябе міт і спадчыну, былі заслугі перад суверэннасцю дзяржавы. Гэта ў далёкай перспектыве дазваляла б некаму казаць, што нягледзячы на тое, што Лукашэнка быў катам і не разбіраўся ў эканоміцы, ён нешта зрабіў для незалежнасці Беларусі. Цяпер жа Лукашэнка рухаецца да таго, каб пакінуць пасля сябе нічога. Нават роля ў гісторыі для яго не так істотна як выжыванне тут і цяпер.

Антон Раднянкоў @radniankou:
Калі ў кастрычніку 2020 былі ў Маскве, адзін з вядомых экспертаў выказаўся, што Расія да восені 2021 павінна будзе паказаць сваім выбарцам “канструктыўны” унёсак у вырашэнне беларускага крызісу. Гэта ўзмацніць пазіцыі ўлады перад думскімі выбарамі. 

Цяпер бачна, што як бы Лукашэнка не загаворваў працэс, праз год Расія пачынае атрымліваць першыя канкрэтныя дывідэнды і праз павелічэнне вайсковай прысутнасці, і праз эканамічную/фінансавую інтэграцыю. 

Гэта стварае доўгатэрміновыя абмежаванні для суверэнітэту, іх не так проста адкруціць назад як санкцыі. Яны будуць праблемай і пасля аднаўлення адносінаў з Захадам.

Павел Мацукевіч @pulslenina19:
Можа, у тых інтэграцыйных мапах і праграмах ёсць і добрыя рэчы, скажам, якія тычацца аднолькавых умоў і гэтак далей. Але прынцыпова Беларусь на жаль не ў тым стане, каб дамагацца пажаданых умоў на перамовах з Расеяй. Бо няма выбару і за расейскую падтрымку, неабходнасць якой з улікам заходняга тыску толькі павялічваецца, трэба разлічвацца. У нашым выпадку – саступкамі і згодай на прапановы Расіі. 

Асабалівасць сустрэчы, якая адбылася ўчора, толькі ў тым, што яна была крыху болей адкрытай, чым іншыя. Але стасункі паміж нашымі краінамі застаюцца непразрыстымі і сапраўдныя дамовы таксама. 

Лукашэнке даводзіцца рабіць выгляд адстойвання беларускіх інтарэсаў і беларускага суверэнітэту ў сітуацыі, калі на самой справе гутарка ідзе выключна аб кошце захавання ўлады. Таму і гэтыя дзіўныя заявы Лукашэнка пра магчымасць палітычнай інтэграцыі, адзінай валюты і гэтак далей. Гэта не гепатытычная магчымасць, а на жаль ужо рэчаіснасць, бо інтэграцыйны працэс пайшоў і менавіта ў гэтым накірунку.

Фота: kremlin.ru