Get Mystery Box with random crypto!

У сярэднім на наш літаратурны партал дадаецца па два агляды на | Парція памяркоўных цэнтрыстаў (ППЦ)

У сярэднім на наш літаратурны партал дадаецца па два агляды на тыдзень — даволі добры тэмп. Больш за тое, ужо аформіўся пэўны фармат, які дазваляе сцвярджаць самабытнасць і нават унікальнасць нашага парталу ў байнэце.

Тым не менш многія патэнцыйныя аўтары проста не разумеюць, навошта пісаць кароткія пераказы кніг (а менавіта кароткія пераказы з'яўляюцца галоўным элементам нашых аглядаў). На гэтае пытанне мы адказвалі некаторым людзям асабіста, але, відаць, варта зрабіць агульны пост.

Дык вось, сайты з пераказамі мастацкіх кніг — увогуле нармальная з'ява ў замежных інтэрнэтах. Тое, што іх фактычна няма ў байнэце — праблема байнэту, а не фармату сайта. Дарэчы, раздзел з пераказамі беларускай літаратуры на рускай мове (хіба не абсурдна?) ёсць на расійскім "Брифли" (https://briefly.ru/cultures/belarusian/).

Беларускі сайт таксама існуе — https://karotkizmest.by/ , але там прадстаўлена пераважна школьная праграма, большасць раздзелаў пустуе. Увогуле ж, кароткія пераказы школьных твораў нават выдаюцца на паперы, таму іх і можна знайсці там-сям у сеціве. Аднак кароткіх пераказаў менавіта сучаснай беларускай літаратуры няма.

І гэта тлумачыцца не адсутнасцю цікаўнасці, а адсутнасцю аўтараў. Выглядае, што сучасную беларускую літаратуру чытае ўсяго пара соцень чалавек на ўсю краіну. І толькі лічаныя адзінкі з іх пакідаюць нейкія рэакцыі на прачытанае — пераважна ў выглядзе рэцэнзій-водгукаў.

Пра мінусы "афіцыйных" рэцэнзій мы ўжо пісалі, а што да "неафіцыйных" (змешчаных толькі на асабістых старонках у сацыяльных сетках) — яны часцяком напісаны так, што для іх разумення трэба спачатку прачытаць рэцэнзуемы твор.

Такім чынам, літаратурныя агляды нашага фармату (агульныя звесткі + выпіскі з рэцэнзій + кароткі пераказ + водгукі) выглядае запатрабаваным і (папраўце, калі памыляемся) не мае аналагаў у байнэце.

Таму яшчэ раз звяртаемся да аматараў сучаснай беларускай літаратуры: кароткія пераказы не адаб'юць ахвоту чытаць кнігі цалкам у тых, хто такую ахвоту мае, але дазволяць прынамсі павярхоўна азнаёміцца з сучаснай беларускай літаратурай тым, хто чытаць мастацкія кнігі не хоча. Не будзьце снобамі і падзяліцеся сваімі ведамі з іншымі.