Get Mystery Box with random crypto!

Мы чытаем шмат літаратурных рэцэнзій і хочам напісаць, што нам | Парція памяркоўных цэнтрыстаў (ППЦ)

Мы чытаем шмат літаратурных рэцэнзій і хочам напісаць, што нам у іх не падабаецца, бо ўжо вылучыліся характэрныя заканамернасці.

Ахтунг! Гаворка не пра водгукі і допісы ў сацсетках, дзе кожны можа пісаць што і як заўгодна, а пра адмысловыя публікацыі, калі ў СМІ напісана "рэцэнзія". Меркаванне носіць суб'ектыўны характар і грунтуецца толькі на асабістым гусце.

1) Эгацэнтрызм рэцэнзента. Рэцэнзенты нярэдка пішуць не колькі пра твор, колькі пра сябе. Іншым часам — завуалявана, іншым часам — наўпрост, з занадта вялікай колькасцю займеннікаў першай асобы. Для прыватнага допісу на асабістай старонцы — добра, для "сур'ёзнай" рэцэнзіі — напэўна, не.

2) Празмернае заглыбленне ў кампаратывістыку (параўнанне з іншымі творамі). Некаторыя рэцэнзіі ці не на 80% складаюцца з кампаратывістыкі. І зноў-жа, рэцэнзент празрыста кажа перш за ўсё пра сябе, маўляў, "мне гэта нагадала тую кнігу", "я бачыў такое ў тым рамане", "я дахалеры начытаны і адукаваны". Гістарычныя паралелі і параўнанне з раманамі андэграўдных пісьменнікаў міжваеннай Албаніі — гэта ўсё патрэбна і часам цікава, але толькі тады, калі не шкодзіць асвятленню рэцэнзуемага твора. І калі няма празмернага якання.

3) Псеўдаінтэлектуальнасць. Нярэдка чытаеш рэцэнзію — асобныя словы нібы разумееш, агульны тэкст — не. Кажуць, рэцэнзент павінен быць пасярэднікам паміж "складаным" мастацтвам і "простым" чытачом, але ў нашым выпадку арыгінальныя творы часцяком куды прасцей, чым рэцэнзіі на іх. Магчыма, прычына зноў у пэўным эгацэнтрызме (амбіцыях) рэцэнзентаў, якія хочуць павысёрбывацца не толькі эрудыцыяй, але і формай падачы.

4) Славаблудства. Іншая крайнасць, калі рэцэнзент заглыбляецца не ў навуковасць, а ў нейкае графаманства. Сыпле метафарамі, выкарыстоўвае складаны сінтаксіс, жанглюе вобразамі. Маўляў, "ведаеце, і я сам свайго роду пісьменнік".

5) Адстутнасць нармальных крытычных заўваг. Ёсць меркаванне, што адмоўныя рэцэнзіі ўвогуле не патрэбны, але ў нас мала нават станоўчых рэцэнзій з негатыўнымі ацэнкамі асобных момантаў. Многія рэцэнзіі — проста публічная аб'ява: "Рабяты, вось аўтар кніжку напісаў, ён маладзец, давайце папляскаем у ладкі! А цяпер вашай увазе — мае асацыяцыі".

Натуральна, усе пункты могуць ставараць розныя камбінацыі.

Карацей, магчыма, мы проста прымітыўнае быдла, але рэцэнзіі чытаем для таго, каб даведацца: 1) пра што кніга, 2) якія там плюсы і мінусы, 3) на якія ШЫРОКАВЯДОМЫЯ кнігі/фільмы (без падрабязнасцей!) яна падобна. На жаль, адказы нават на гэтыя, самыя відавочныя пытанні, часцяком адсутнічаюць.

Вось так мы і прыйшлі да ідэі стварэння літаратурнага парталу.